НО́ВЫ АРЛЕА́Н (New Orleans),
горад на Пд ЗША, у штаце Луізіяна. 476,6 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1,5 млн. ж. (1998). Буйны рачны і марскі порт у дэльце р. Місісіпі, за 175 км ад яе ўпадзення ў Мексіканскі зал. (вываз нафты і нафтапрадуктаў, бавоўны, серы, увоз трапічных прадуктаў, баксітаў). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-фін. і культ. цэнтр Поўдня ЗША. Прам-сць: суднабуд. (у т.л. платформ для марскога бурэння), суднарамонтная, нафтаперапр., нафтахім., каляровая металургія. Авіякасмічная прам-сць і вытв-сць узбраення. Перапрацоўка прадуктаў трапічнага земляробства. 13 ун-таў і каледжаў. Музеі. Арх. помнікі 18 і 19 ст.
Засн. ў 1718 французамі на месцы індзейскага паселішча, названы ў гонар франц. рэгента Філіпа Арлеанскага. З 1722 адм. ц. франц. калоніі Луізіяна. З 1762 пад уладай Іспаніі. У 1803 вернуты Францыі і куплены ЗША у складзе тэр. Луізіяна. У 1805 атрымаў гар. правы. У 1812—49 сталіца штата Луізіяна. У час англа-амер. вайны 8.1.1815 каля Н.А. адбылася апошняя бітва паміж амер. і англ. войскамі. У грамадзянскую вайну ў ЗША 1861—65 захоплены 24.4.1862 федэральным флотам пад камандаваннем адм. Д.Фарагута. У 19 ст. цэнтр гандлю і буйны марскі порт. Значны працэнт негрыцянскага насельніцтва паўплываў на культ. своеасаблівасць горада. На мяжы 19 і 20 ст. тут узнік новаарлеанскі джаз.
т. 11, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)